Традыцыйна на Вадохрышча ў Заронаве масава адзначылі вялікае праваслаўнае свята. З кожным годам яно збірае ўсё больш прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і не толькі з ліку мясцовага люду. Больш як на паўкіламетра выстраілася чарга аўтамабіляў да возера, і паток гэты не абмялеў да самага позняга вечара.
Урачыстае богаслужэнне на мясцовым вадаёме апоўдні правёў айцец Аляксандр.
Павіншавала сваіх аднавяскоўцаў і гасцей са святам, а пасля водных працэдур запрасіла ў мясцовы музей на гарбату яго кіраўнік, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Людміла Нікіціна.
З прывітаннем да прысутных звярнуўся намеснік дырэктара віцебскай ДзЮСШ № 8 Станіслаў Шумякоў. “У мінулым годзе мы не трапілі ў Заронава, рабілі заплывы на Дзвіне ў абласным цэнтры, але нідзе не параўнаць атмасферу з тутэйшай”, — прызнаўся ён. Дарэчы, усе плыўцы адзначаюць, што Заронаўскае возера размяшчаецца як бы ў чашы і тым самым засцерагаецца ад ветру, што стварае камфорт нават у сцюдзёны дзень.
Па прыблізных падліках у Заронаўскую іардань акунуліся больш за сотню чалавек. Але не толькі яны адчулі ласку боскую. У гэты дзень яна прыйшла да ўсіх вернікаў.
Аутар: Ніна Сталярэнка.
Комментариев нет:
Отправить комментарий